""
close

  • Быць верным Польшчы – радзіме сваёй

     

  • НАВІНЫ

  • 2 верасня 2019

    У Мёрах на поўначы Беларусі ў нядзелю, 1 верасня, была адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная салдатам Арміі Андэрса, якія паходзілі з гэтых мясцін, а таксама ўсім, хто змагаўся ў гады Другой сусветнай вайны на Заходнім фронце.

    „Асабліва сімвалічна, што мы адкрываем гэту дошку ў 80-ю гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны, – сказаў падчас урачыстасці намеснік пасла Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. – Многія жыгары гэтых мясцін удзельнічалі ў вайне з першых яе дзён, змагаючыся ў радах Войска Польскага, пасля іх лёс склаўся па-рознаму”.

     

    Мясцовы краязнавец і настаўнік гісторыі Вітальд Ермалёнак нагадаў, што салдаты Арміі Андэрса на працягу многіх гадоў былі ў Беларусі забытыя, пра іх не ўспаміналі. „Упершыню я заняўся гэтай тэмай у канцы „перабудовы”, г. зн. каля 30 гадоў таму, – сказаў Ермалёнак. – Я рады, што нарэшце ўдалося ўвекавечыць нашых бацькоў і дзядоў, многія з якіх заплацілі страшную цану за тое, што змагаліся на Заходнім фронце. У СССР іх лічылі амаль што здраднікамі, хоць яны таксама змагаліся з фашыстамі, часам з першых дзён вайны”.

     

    З ініцыятывай увекавечання Арміі Андэрса ў Мёрах выступілі жыхары, блізкія якіх змагаліся ў радах 2-га Польскага корпуса і іншых частак Войска Польскага, іх падтрымаў мясцовы пробашч, ураджэнец Польшчы ксёндз Кшыштаф Мянкіна, які ў чэрвені гэтага года скончыў дзейнасць у Беларусі. „Яго ўжо няма з намі, але мы помнім, што ён хросны бацька гэтай ініцыятывы, і мы яму за гэта ўдзячны”, – сказаў новы пробашч Мёрскай парафіі ксёндз Андрэй Кулік. „Наш абавязак – помніць пра продкаў, ведаць, кім яны былі, і маліцца за іх”, – дадаў ксёндз.

     

    Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел жыхары Мёраў, прадстаўнікі мясцовых улад, дыпламаты і нашчадкі салдат 2-га Польскага корпуса з Віцебска, Мёраў і Ліды.

    Print Print Share: