""
close

  • Быць верным Польшчы – радзіме сваёй

     

  • НАВІНЫ

  • 31 жніўня 2018

    Семдзесят дзевяць гадоў таму нападам Германіі на Польшчу распачалася Другая сусветная вайна. Раніцай 1 верасня 1939 г. германскія войскі перайшлі польска-нямецкую мяжу. Нягледзячы на тое, што падчас абарончай вайны Польшчы 1939 г. польскае войска вымушана была прызнаць перавагу захопнікаў, прайгранае змаганне стала толькі пачаткам актыўнага ўдзелу польскіх салдат у ваенных дзеяннях на франтах Другой сусветнай вайны.

    1 верасня ў 4:45 германскія войскі пачалі рэалізацыю плана нападу на Польшчу пад кодавай назвай Fall Weiss на фронце працягласцю 1600 км. Асаблівым пунктам супрацьстаяння першага дня вайны стаў вайсковы склад на Вестэрплатэ, які польскі атрад абараняў на працягу тыдня. Паводле нямецкіх камандуючых, г.зв. маланкавая вайна (Blitzkrieg) павінна была дазволіць хутка адкінуць польскія войскі ў абарону, акружыць іх і разбіць. Сілы ворага значна пераўзыходзілі сілы атрадаў Войска Польскага, і яны вымушаны былі адступіць углыб краіны ўжо ў першыя дні вайны, хоць часавыя паказчыкі плана Fall Weiss не былі поўнасцю выкананы.

     

    Аб'яўленне вайны Германіі Францыяй і Вялікабрытаніяй 3 верасня 1939 г. дало надзею на дапамогу з боку саюзнікаў. Поўныя энтузіязму маніфестацыі прайшлі ва ўсіх буйных польскіх гарадах. Аднак на сам рэч вайсковыя і грамадзянскія ўлады дзвюх дзяржаў не пачалі рашучых ваенных дзеянняў супраць Германіі, парушаючы тым самым саюзныя абавязацельствы. Г.зв. дзіўная вайна скончылася толькі з нападам германскіх войскаў на Францыю вясной 1940 г.

     

    Напад Германіі на Польшчу прадугледжваў не толькі захоп тэрыторыі, але і вынішчэнне насельніцтва, ліквідацыю пласта інтэлігенцыі. Бамбардзіроўка Велюні і іншых польскіх гарадоў ужо ў першыя дні канфлікту прынесла значныя страты сярод грамадзянскага насельніцтва. Вынішчэнне эліты польскага грамадства немцы ўзгаднілі падчас канферэнцыі ў Яловай 12 верасня 1939 г. План забойства польскай інтэлігенцыі ў рамках г.зв. Intelligenzaktion і ў рамках акцыі AB (Außerordentliche Befriedungsaktion) Германія паслядоўна рэалізавала на працягу пазнейшага перыяду акупацыі.

     

    Нягледзячы на пераўзыходжанне ваенных сіл ворага і напад савецкіх атрадаў на Польшчу 17 верасня 1939 г., часткі Войска Польскага аказвалі бязлітаснае супраціўленне. Бітва пад Коцкам стала апошнім боем г.зв. Вераснёвай кампаніі. І хоць 6 кастрычніка 1939 г. польскія атрады склалі зброю, змагацца з немцамі працягвалі атрады, якія аказвалі супраціўленне нямецкім захопнікам і вялі супраць іх баявыя дзеянні. Прыкладам такой барацьбы з’яўляецца асобны атрад Войска Польскага пад камандаваннем маёра Хубаля.

     

    На польскіх землях акупанты пачалі масавае вынішчэнне мясцовых жыхароў, якое працягвалася практычна да самага канца Другой сусветнай вайны ў 1945 г. Гітлераўскія захопнікі рэалізавалі праграму масавага забойства габрэйскага насельніцтва, паўсюднага тэрору і рэпрэсій у адносінах да любога праяўлення супраціўлення, у выніку чаго загінулі мільёны польскіх грамадзян.

     

    Прайграная абарончая вайна Польшчы 1939 г. не азначала канца супраціўлення на тэрыторыі краіны. Нягледзячы на рэпрэсіі з боку акупантаў, ужо 27 верасня 1939 г. была створана Служба перамозе Польшчы. Падпольныя структуры польскага руху супраціўлення ператварыліся ў найбуйнейшую ў акупаванай Еўропе падпольную дзяржаву, а палякі распачалі барацьбу з акупантамі на іншых франтах, прычыніўшыся ў выніку да перамогі саюзнікаў і заканчэння Другой сусветнай вайны.

    Print Print Share: