""
close

  • Быць верным Польшчы – радзіме сваёй

     

  • НАВІНЫ

  • 11 снежня 2018

    З удзелам намесніка міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Рэнаты Шчэнх у Мінску, 7 снежня, адбылося пасяджэнне Польска-Беларускай Міжурадавай каардынацыйнай камісіі па трансгранічным супрацоўніцтве. Сярод пытанняў, якія абмяркоўвалі бакі, была мадэрнізацыя памежнай інфраструктуры і рэгіянальнае супрацоўніцтва.

    „Сённяшняе пасяджэнне, якое завяршылася падпісаннем пратакола, сведчыць пра партнёрскі, вельмі пазітыўны падыход абодвух бакоў да развіцця польска-беларускага памежжа”, – сказала Рэната Шчэнх, якая ўзначальвала польскую дэлегацыю. Намеснік міністра падкрэсліла, што польска-беларуская мяжа адначасова з’яўляецца знешняй мяжой ЕС і ЕўрАзЭС.

    „Шанцам для далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі з’яўляецца развіццё транспартных зносін, як аўтамабільных, так і чыгуначных, а таксама будаўніцтва мастоў, па гэтым пытанні мы згодны”, – сказала Шчэнх, нагадваючы, што ў чэрвені ў Брэсце быў падпісаны двухбаковы дагавор аб утрыманні памежных дарожна-маставых аб’ектаў, а чарговы – аб утрыманні чыгуначных мастоў – ужо гатовы для падпісання.

    „Камісія па трансгранічным супрацоўніцтве – гэта адзін з асноўных элементаў дыялогу, накіраванага на забеспячэнне функцыянавання агульнай мяжы”, – гаварыў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шастакоў, які ўзначальваў беларускую частку камісіі.

    Шастакоў адзначыў, што для Беларусі важна атрымаць еўрапейскія сродкі на мадэрнізацыю пунктаў пропуску, у т. л. у рамках трохбаковай праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва „Польшча-Беларусь-Украіна”. Ён таксама заклікаў Варшаву падтрымаць Беларусь падчас перамоў па лібералізацыі візавага рэжыму ў Бруселі. Шастакоў падкрэсліў, што Беларусь са свайго боку ўвяла бязвізавы ўезд для грамадзян больш чым 80 краін (у т. л. членаў ЕС), якія прыязджаюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.

    Рэната Шчэнх выказала спадзяванне, што адносіны паміж краінамі, якія паляпшаюцца, прычыняцца да мадэрнізацыі памежнай інфраструктуры і павелічэння эканамічнага і турыстычнага патэнцыялу памежных рэгіёнаў. Намеснік міністра падзякавала беларускаму боку за лібералізацыю з 2016 г., перш за ўсё, увядзенне бязвізавага рэжыму ўезду на тэрыторыю асобных раёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Падчас пасяджэння абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з узаемадзеяннем у надзвычайных сітуацыях, такіх як катастрофы і стыхійныя бедствы, а таксама з супрацоўніцтвам паміж рэгіёнамі.

    Акрамя таго, у рамках візіту ў Рэспубліку Беларусь Рэната Шчэнх уручыла медалі Pro Patria за клопат пра польскія месцы памяці, а таксама прыняла ўдзел у асвячэнні адноўленых вайсковых могілак у Докшыцах, дзе пахаваны салдаты, загінуўшыя ў польска-бальшавіцкай вайне.

    Print Print Share: